Падтрымаць нас
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Многія прызвычаіліся глядзець на класікаў беларускай літаратуры праз прызму школьнай праграмы. А яна, на жаль, звычайна абмяжоўваецца агульнымі фразамі пра «талент» і «славутыя творы» ды кароткімі звесткамі з біяграфій. Без вялікай зацікаўленасці зразумець, чаму менавіта гэтых людзей лічаць знакавымі асобамі для нашай культуры, складана. «Люстэрка» выпраўляе гэта ў праекце «Пазакласнае чытанне». У ім мы па пунктах тлумачым, чаму той ці іншы пісьменнік варты вашай увагі, і даказваем, што беларускае можна любіць не толькі за тое, што яно сваё, а яшчэ і за тое, што гэта сапраўды крута. Герой гэтага тэксту, апошняга ў праекце, — Аркадзь Куляшоў.

Раней мы расказвалі пра Уладзіміра Караткевіча і Івана Мележа, Максіма Багдановіча і Васіля Быкава, Янку Купалу і Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага і Кузьму Чорнага, Максіма Танка і Міхася Стральцова, Янку Брыля і Алеся Разанава, Янку Маўра і Рыгора Барадуліна, Змітрака Бядулю і Уладзіміра Дубоўку, Пімена Панчанку і Вячаслава Адамчыка, а таксама пра Івана Пташнікава.

1. Стварыў «Бывай» і легенду пра каханне да Алесі

Аркадзь Куляшоў быў бясспрэчным вундэркіндам. Нарадзіўся ён у 1914-м у вёсцы Саматэвічы цяперашняга Касцюковіцкага раёна (пасля аварыі на Чарнобылі жыхароў адсялілі, пазней яе ліквідавалі). Сцвярджаў, што пачаў пісаць вершы ў чатыры гады па-руску. Калі іх сабралася дастатковая колькасць, аб’яднаў творы ў рукапісны зборнік пад назвай «Собрание сочинений Кулешова несчастного».

У 12 гадоў, у 1926-м, дэбютаваў як паэт у мясцовай раённай газеце. У 16 гадоў займеў першую кнігу — тады быў выдадзены яго «Росквіт зямлі». Праўда, рэдактар Міхась Чарот так на свой густ навыпраўляў вершы (і павыкідваў са зборніка шмат тэкстаў), што пакрыўджаны аўтар дэманстратыўна паставіў падзагаловак «Першая кніга паэзіі» на другім сваім зборніку «Па песню, па сонца!..» (1932). У тым жа годзе выйшаў яшчэ адзін — так што яшчэ да паўналецця Аркадзь паспеў выдаць ажно тры кнігі.

Аркадзь Куляшоў. 1928 год. Фота: Магілёўская абласная бібліятэка, commons.wikimedia.org
14-гадовы Аркадзь Куляшоў, 1928 год. Фота: Магілёўская абласная бібліятэка, commons.wikimedia.org

Аднак славутым яго — ды і тое праз гады — зрабіла нешчаслівая гісторыя першага кахання, абавязковая хіба для кожнага лірычнага паэта: 11-гадовы Аркадзь пакахаў 13-гадовую Аляксандру Карыткіну. Неўзабаве яны пачалі жыць пад адным дахам. Справа ў тым, што бацькі-настаўнікі Куляшова развяліся, іх адправілі на працу ў розныя вёскі, але юнак адмовіўся з’язджаць і застаўся ў сваёй хаце, якая выконвала ролю вясковай школы. Там па-ранейшаму праходзілі ўрокі, праводзіліся сходкі і спеўкі. А яшчэ разам з ім у якасці камуны (у савецкі час моладзевай камунай называлі навучальна-выхаваўчую ўстанову ў выглядзе інтэрната — Куляшоў фактычна стварыў яе сам) у хаце жылі яшчэ сямёра хлопцаў і тая самая дзяўчына.

«Восем нас было ў той час:

Я, Кандрат, Лявон, Панас,

Сцёпка, Казік, Стась, Ігнась

І адна — яна.

Так і звалі людзі нас —

Восем і адна».

Фрагмент паэмы «Далёка да акіяна».

14-гадовы Аркадзь прызнаўся ёй, 16-гадовай, у каханні. Пасля адмовы напісаў сваю першую паэму, якую, прачытаўшы сваёй малодшай сястры, адразу спаліў у печы, а таксама верш «Бывай», які ў выніку быў апублікаваны. Гэты твор стаў легендай і класікай. Не ў апошнюю чаргу дзякуючы кампазітару Ігару Лучанку, які стварыў на яго аснове песню для ансамбля «Песняры». Верш трапіў у школьныя падручнікі — з пазнакай, што аўтар напісаў яго ў 14 гадоў.

Міф развеяў паэт і літаратуразнаўца Андрэй Хадановіч. Высветлілася, што кананічную версію Куляшоў стварыў толькі ў пачатку 1970-х (то-бок незадоўга да запісу «Песняроў»). «Ад верша 1928 года ў пазнейшай версіі застаўся… усяго адзін радок. Што праўда, першы. Плюс характэрная для паэтыкі той эпохі <…> рыфма „дарагая — дагарае“. Усё астатняе — ужо іншая рука ўжо іншага паэта», — адзначаў Хадановіч.

Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая,

Бывай, пялёсткамі развеяная квець, —

Тваё, чарнявая, юнацтва дагарае

І слоў заранкавая сонечная медзь…

Ці помніш вечару хвіліны агнявыя,

Хто мог юнацкія імкненні затрымаць?..

І песні новыя, і песні маладыя —

На сэрцы ў цвецені звінеў і плакаў май…

Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая.

Чаму так горка, не магу я зразумець.

Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае

На ўсходзе дня майго, якому ружавець.

Ці помніш першае нясмелае прызнанне?..

Над намі жаўранкам звінеў і плакаў май.

Назаўтра золкае, туманнае світанне,

Суровы позірк твой і мой нямы адчай.

Пачатак верша «Бывай». Злева — версія 1928 года, справа — версія пачатку 1970-х

«Розніца ў тэкстах аж б’е ў вочы. Юначы верш <…> увесь у рэчышчы тагачаснай мадэрнісцкай паэтыкі, пачынаючы з лексікі. <…> Паслядоўна недакладныя, але цікавыя рыфмы (старанна аўтарам у позняй версіі прычасаныя). Трохі крыклівыя знакі прыпынку: правае поле шчодра засеянае шматкроп’ямі, коскамі з працяжнікамі ды клічнікамі, што, быццам бурлівая жэстыкуляцыя, дапамагаюць аўтару выказаць усё, што ён не змог да канца выказаць у словах (позняя версія ў гэтым дэманстратыўна ашчадная, ніводнага з пералічаных знакаў, толькі кропка і коска)», — пісаў Хадановіч, адзначаючы галоўную розніцу: у ранняй версіі віруе юначы аптымізм, якога ў позняй няма.

Аркадзь Куляшоў. 1930-я гады. Фота: Слуцкая раённая бібліятэка, commons.wikimedia.org
Аркадзь Куляшоў. 1930-я гады. Фота: Слуцкая раённая бібліятэка, commons.wikimedia.org

Алеся стала і гераіняй паэмы «Далёка да акіяна» (1972). У ёй лірычныя героі, сустрэўшыся праз гады, «пацалаваліся, з нечаканасці такой, так, што крышку сорамна стала вокнам хаты той…», а таксама правялі ноч у размовах.

У рэальным жыцці ў іх былі дзве кароткія сустрэчы і ліставанне ў сталым узросце — атрымліваецца быццам бы беларускі варыянт славутай гісторыі Дантэ і Беатрычэ. «Маці ставілася да перапіскі [з Аляксандрай] спакойна, разумеючы, што гэта была спроба неяк зменшыць духоўную самоту мужа, — згадвала дачка паэта Валянціна Куляшова. — <…> Гадамі раней яна не даравала бацьку некалькіх раманаў. Цягам усяго жыцця мама была галоўным крытыкам Куляшова, заўжды першай выслухоўвала ягоныя вершы. Аднак тут яна заявіла: „Ведаеш, я больш не люблю паэзію“. Праўда, з часам рана загаілася, і яны жылі як сапраўдныя сябры, але да першапачатковых адносінаў так і не вярнуліся».

Пасля смерці ў рукапісах Куляшова знайшлі чатыры вершы. Сярод іх быў верш «Карусель», дзе ён у чарговы раз вяртаўся да тэмы першага юнацкага кахання. Жыццё сышло, засталася легенда.

2. Прысвяціў найлепшы твор рэпрэсаваным сябрам, якіх памятаў усё жыццё

У 1928-м Куляшоў паступіў у Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум. Там з’явілася літаратурная група «Мсцiслаўцы» ці, як іх яшчэ называлі, «Амсцiслаўская плеяда»: Юлій Таўбін, Змітрок Астапенка і Куляшоў. «Яны былi неразлучныя, i бачылi iх заўсёды разам. <…> Многае звяртала на сябе ўвагу ў гэтай садружнасцi: бескарыслiвая ўлюбёнасць пачынаючых вершатворцаў у абранае iмi вясёлае i цяжкое рамяство, iх шчырая, хоць i трохi наiўная, вернасць высокаму культу сяброўства», — пісаў крытык Рыгор Бярозкін. Пазней усе трое перабраліся ў Мінск, дзе здымалі адзін пакой на траіх на вуліцы Розы Люксембург. «Ложак быў адзін, і тату даводзілася спаць на падлозе, закруціўшыся ў дыванок. Само сабой, юныя паэты частавата клаліся спаць галодныя», — згадвала дачка Куляшова.

Аркадзь Куляшоў з Юліем Таўбіным і Змітром Астапенкам у часы вучобы. Фота: profi.adu.by
Аркадзь Куляшоў з Юліем Таўбіным і Змітром Астапенкам у часы вучобы. Фота: profi.adu.by

У 1933-м Таўбіна і Астапенку (і яшчэ два дзясяткі маладых пісьменнікаў) арыштавалі па справе «Беларускай народнай грамады». Гэта была міфічная контррэвалюцыйная арганізацыя, прыдуманая сілавікамі. Пазней, у 1937-м, Юлія забілі падчас «Ночы расстраляных паэтаў», яму было ўсяго 26 гадоў. Змітрок, прайшоўшы ГУЛАГ, знік падчас Другой сусветнай пры загадкавых абставінах. Расстралялі і пісьменніка Платона Галавача, родзіча жонкі Куляшова і сябра яго сям'і.

Падобны трагічны лёс, магчыма, чакаў і Аркадзя, але ён ацалеў. «Увесь 1937 год [яго] адмаўляліся друкаваць, і сям’я перабівалася з хлеба на ваду. Летам наступнага года <…> у вёсцы каля хаты, дзе штогод адпачывала наша сям’я, з’явіліся раптам нейкія чужыя людзі. Яны змяняліся, але не знікалі. Так паўтаралася на працягу трох дзён. Першы звярнуў на гэта ўвагу мой бацька і, падумаўшы, сказаў [жонцы]: „Давай развітвацца, Ксаня!“ Назаўтра, калі бацька з маці выйшлі за парог, гатовыя да разлукі, яны ўжо нікога ля хаты не знайшлі. Незнаёмыя больш не з’явіліся», — згадвала дачка паэта.

Яна лічыла, што іх выратаваў тагачасны кіраўнік БССР Панцеляймон Панамарэнка. У рэальнасці той у лістападзе 1938-га даслаў Іосіфу Сталіну фактычна прамы данос, у якім пісаў, што васьмёра літаратараў «безумоўна падлягаюць арышту і суду як ворагі народа». Прозвішча Куляшова там не было, але пазнака «і інш.» намякала, што паводле таго ліста трэба было арыштаваць і іншых пісьменнікаў.

Аркадзь не ведаў пра лёс сяброў усе сталінскія гады. Аднак, як толькі з’явілася магчымасць, пачаў пошукі ўсіх трох. «Куляшоў звяртаўся і ва ўрад рэспублікі, і ў адпаведныя ўстановы. Але з усяго, што ён шукаў, бацьку ўдалося пабачыць толькі судовую справу Галавача. Праз паўгода пасля першых захадаў», — пісала яго дачка. Ды і тое высветлілася, што матэрыялы следства над ім, па сутнасці, знішчаныя.

У 1957-м Аркадзь склаў зборнік паэзіі Таўбіна, выдаў адну з ненадрукаваных паэмаў Астапенкі. Але галоўнае, што ў 1965-м з’явілася яго ўласная паэма «Маналог», прысвечаная мсціслаўскім сябрам маладосці.

«А забыццё, каб сцерці з нешматслоўнай

Зямлі бесчалавечную віну,

Схавала месца смерці безназоўнай

Пад дываном, сатканым з дзірвану.

I хоць дзірван, што рану ўкрыў старанна,

Стаў палыном на мёртвай глебе той,

Не зарасла зямлі жывая рана,

А зарасла зямля яе травой.

<…>

Сябры мае! Пад пустак дыванамі

Ці не абрыдла безназоўнасць вам?

Дзе дзверы, што замкнуліся за вамі?

Як вас знайсці? Якіх пытацца брам?

Маўчыць нябыт каменных пліт паважных,

Дзе з надпісаў дажджы змываюць пыл,

Там я блукаў, але імёнаў вашых

Не адшукаў на вокладках магіл».

Фрагмент паэмы «Маналог»

Слева направо: Михась Багун, Змитрок Астапенко, Юлий Таубин. Минск, 1930 год. Фото: ДМГБЛ, commons.wikimedia.org
Злева направа: Міхась Багун, Змітрок Астапенка, Юлій Таўбін. Мінск, 1930. Фота: ДМГБЛ, commons.wikimedia.org

«Скразным гучаннем у „Маналогу“ прайшлася ўражлівая метафарычная думка аб адзінай „дамоўцы“, якую паэт параўноўвае з брацкай магілай», — лічыў даследчык Мікола Арочка.

«Як без мяне ім быць, а мне без іх?

Адна ў нас засталася на траіх

Мая дамоўка. Не хачу, каб з ёю

Засыпалі халоднаю зямлёю

Жывую памяць аб сябрах маіх.

Пакрыўджаную выракам суровым,

Яе не зацярушыць змрок сляпы,

Пакуль над захаваннем палыновым

Да іх, жывых, з непахаваным словам

Звяртацца будзе мой радок скупы».

Фрагмент паэмы «Маналог»

Як пісала даследчыца Ганна Севярынец, за гэтую паэму «аўтару мусяць быць дараваныя ўсе грахі, „вольныя і невольныя“» (што за грахі, мы яшчэ згадаем ніжэй). Жаль за сяброў не знікаў у Куляшова ўсё жыццё. Сімвалічна, што ў апошніх вершах паэта ішла гаворка як пра Алесю, так і пра мсціслаўскіх паплечнікаў.

3. Знайшоў сябе як творца кампрамісу

Савецкі дух і ідэі, уваслаўненне таталітарнага камуністычнага рэжыму — балючае, цяжкое і складанае пытанне для ўсёй беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. З аўтараў, якія трапілі ў палон улады (бо былі тыя, хто — розным коштам — засталіся ад яго вольныя), больш пашанцавала тым, хто закрануў вольныя часы. Напрыклад, у Янкі Купалы і Якуба Коласа яшчэ да палону былі шчаслівыя часы нашаніўскага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя і беларусізацыі 1920-х, у Максіма Танка — жыццё ў Заходняй Беларусі. Пімен Панчанка дажыў да гадоў перабудовы і незалежнасці, паспеўшы публічна пакаяцца за свае ранейшыя погляды.

Аркадзь Куляшоў на Бранскім фронце, 1943 год. Фота: фотаальбом «Аркадзь Куляшоў» (1985), TUT.BY
Аркадзь Куляшоў на Бранскім фронце, 1943 год. Фота: фотаальбом «Аркадзь Куляшоў» (1985), TUT.BY

У Куляшова такой магчымасці не было. Гады юнацтва паэта выпалі ўжо на часы СССР, а памёр ён у 1978-м на парозе медпункта ў нясвіжскім санаторыі, які тады месціўся ў будынку палаца Радзівілаў, — лёс адмераў яму ўсяго 64 гады. Яго жыццё прыйшлося на час, калі савецкая імперыя знаходзілася ў зеніце сваёй магутнасці і толькі пакрысе пачала хіліцца да заняпаду. «Бацька быў чалавекам камуністычнай ідэі. <…> На ягоных вачах будавалася новая краіна, іншага ладу ён не ведаў. Не адно пакаленне, сфармаванае савецкай прапагандай, верыла ў светлую будучыню камунізму», — тлумачыла дачка пісьменніка. Нездарма Генадзь Бураўкін канстатаваў, што «Куляшоў быў бясспрэчным першарадным савецкім паэтам». Слова «першарадны» тут гэтак жа істотнае, як і «савецкі».

Не дзіва, што Куляшову, падобна, часта даводзілася дамаўляцца са сваім сумленнем. «Героям і здраднікам, напэўна, у нечым прасцей, чым тым, хто ўвесь гэты цяжар выцягнуў коштам нейкага нечалавечага кампрамісу», — адзначала даследчыца Ганна Севярынец.

Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі, распавядаў, што Аркадзь выключыў ягоную маці з камсамолу — за тое, што ў анкеце яна не адраклася ад свайго рэпрэсаванага мужа (пры гэтым сам Куляшоў адмовіўся рабіць аналагічнае ў дачыненні да сваёй жонкі, брата якой, як мы ўжо згадвалі, расстралялі). Але ён жа пасля Другой сусветнай і смерці Сталіна дапамагаў рэпрэсаванаму крытыку Рыгору Бярозкіну (прычым першы раз, у 1946-м, не пабаяўся пайсці і прасіць за яго да Панамарэнкі), а ўжо ў больш познія часы падтрымліваў Васіля Быкава.

Падчас вайны Куляшоў ствараў пранізлівыя вершы на гэту тэму — зусім не ў пафасна-бравурным стылі, які быў характэрны для савецкай літаратуры. Напрыклад, «Над брацкай магілай».

«Засыпаем мы твары

з вачамі і вуснамі тымі,

На якіх пацалункі

дзяцей і жанок не астылі.

Жвірам сыплем на рукі,

якія дзяцей тых насілі,

Жвірам сыплем на ногі,

якія паўсвету схадзілі.

Ногі просяцца ўстаць,

яны стомы ў дарозе не чулі,

Ды ўвагналі ў магілу

Іх сілу

Варожыя кулі.

Рукі хочуць яшчэ

да грудзей прытуліць сваіх сірат,

Ды з варожае ласкі паганай

дол цесны ім вырыт.

Хоць прымае іх гэта зямля,

як сыноў сваіх, шчыра,

Але просяць іх вочы

хоць жменьку палескага жвіру».

Фрагмент верша «Над брацкай магілай».

«Тут плач унутраны, ён да немаўлівасці сціскае сэрца, прарываецца ў духоўнае ўзрушэнне, патрасенне, перакідваецца на парабаваную захопнікамі Бацькаўшчыну („просяць іх вочы хоць жменьку палескага жвіру“)», — каментуе Міхась Арочка.

І пры гэтым на рахунку Куляшова і паэма «Сцяг брыгады» (1942). У тыя часы яна мела вялікі поспех, але з пазіцыі сённяшняга дня гісторыя трох байцоў, што выносяць з акружэння сцяг брыгады, успрымаецца як дрэнна схаваная прапаганда. Аналагічна можна сказаць пра верш «Камсамольскі білет» (знакамітае «Цвёрда трымаўся юнак на дапросе, Тоячы думкі і словы свае…»), у якім герою гэтае пасведчанне становіцца важнейшым за жыццё. І гэта не кажучы ўжо пра наскрозь прапагандысцкія творы.

Камунiсты — гэта слова, як са сталi,

Камунiсты — гэта слова, як з агню.

Маркс i Энгельс нам iмя такое далi

Сто гадоў таму назад упершыню.

Сто гадоў таму назад было нас мала,

Сто гадоў назад мы выйшлі на вайну,

Сто гадоў мы рыем дол для капітала,

Для хаўтур яго збіваем мы труну.

Мы не верым ані ў бога, ні ў малітвы,

І няма для нас другіх свяцейшых слоў,

Апроч лозунгаў і заклікаў да бітвы,

Апроч песень, ад якіх бунтуе кроў.

<...>

Фрагмент верша «Камуністы»

Аднак іх аўтар забараніў дачцэ гараваць з-за смерці Іосіфа Сталіна. Ды і пасады займаць не спяшаўся, адмовіўшыся ад кіраўніцтва Саюзам пісьменнікаў.

Злева направа: Аркадзь Куляшоў, Якуб Колас, Пятрусь Броўка. Дом творчасці ў Каралішчавічах пад Мінскам. 1947 год. Фота: фотаальбом «Аркадзь Куляшоў» (1985), TUT.BY
Злева направа: Аркадзь Куляшоў, Якуб Колас, Пятрусь Броўка. Дом творчасці ў Каралішчавічах пад Мінскам. 1947 год. Фота: фотаальбом «Аркадзь Куляшоў» (1985), TUT.BY

З герояў нашага праекта Куляшоў — хіба найбольш савецкі пісьменнік. Аднак да яго гонару ён, балансуючы на мяжы і ідучы на кампрамісы, усё ж мог застацца сапраўдным паэтам: творчае ў яго біяграфіі пераважае над нятворчым. Іншыя пісьменнікі, што выбралі шлях кампрамісу (ад Петруся Броўкі да Пятра Глебкі), на статус класікаў не цягнуць, а вось адносна Куляшова пытанняў не ўзнікае. 

4. Адмовіўся пераходзіць на рускую і зрабіў сваім героем ахвяру цкавання

У сярэдзіне 1930-х Куляшоў прачытаў папулярную тады паэму «Краіна Муравія». «Спяваю, як гаворыцца, неўласцівым для мяне голасам», — цвяроза ацаніў Аркадзь сваю творчасць, называючы гэты твор рускага паэта Аляксандра Твардоўскага «адкрыццём» і «прасвятленнем». «Я ніколі не перабольшу, калі скажу, што як паэт сваім нараджэннем я абавязаны менавіта гэтаму твору. „Краіна Муравія“ не толькі па-новаму дала магчымасць асэнсаваць блізкі мне свет народнага жыцця, але і з’явілася штуршком, які вывеў мяне з творчага тупіка», — казаў ён.

Пазнаёміўшыся, абодва паэты на доўгія дзесяцігоддзі сталі сябрамі, з павагай ставячыся да творчасці адно аднаго (у прыватнасці, Твардоўскі высока ацаніў згаданы «Сцяг брыгады»). Пры гэтым аўтар «Васіля Цёркіна» не пазбег (тыповага, на жаль, сярод многіх расіян) жадання пэўным спосабам дапамагчы «малодшаму брату». Па словах Валянціны Куляшовай, Твардоўскі «не раз раіў яму пісаць па-руску». «Там і наклады былі другога парадку, і ганарары. Скажам, перакладчык паэзіі Куляшова [на рускую мову] Якаў Хелемскі атрымліваў болей за аўтара. Аднак бацька і чуць пра гэта не хацеў», — дадавала яна.

Яшчэ раней, падчас Другой сусветнай, Аркадзю прапанавалі месца ў штабе партызанскага руху ў Маскве. Ён згадзіўся толькі ў 1944-м, калі вызваленне нашай краіны чакалася ў бліжэйшы час. Надта баяўся, што ў Маскве «перастане быць тым, кім ёсць — беларускім паэтам». Сімвалічна, што Уладзіміру Дубоўку аналагічнае (перайсці на рускую) прапаноўвалі перад арыштам, абяцаючы дапамогу і вырашэнне многіх праблемаў. Той адмовіўся і на чвэрць стагоддзя трапіў у няволю.

Аркадзь Куляшоў (крайні справа) падпісвае кнігу Аляксандру Твардоўскаму (крайні злева). Масква. 1949 год. Фота: фотаальбом «Аркадзь Куляшоў» (1985), TUT.BY
Аркадзь Куляшоў (крайні справа) падпісвае кнігу Аляксандру Твардоўскаму (крайні злева). Масква. 1949 год. Фота: фотаальбом «Аркадзь Куляшоў» (1985), TUT.BY

Амаль два дзесяцігоддзі (1950−1954 і 1958−1970) Твардоўскі ўзначальваў «Новый мир» — самае папулярнае савецкае літаратурнае выданне, якое прытрымлівалася ліберальнага накірунку. У ім друкаваліся найлепшыя пісьменнікі СССР, творы якіх нярэдка ўваходзілі ў супярэчнасць з афіцыйнай савецкай ідэалогіяй (напрыклад, «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» Аляксандра Салжаніцына). Выданне рэгулярна змяшчала новыя творы Васіля Быкава. Друкаваўся там і Куляшоў.

У 1970-м Твардоўскага ў выніку кампаніі цкавання прымусілі сысці з пасады. Перад гэтым ён запытаў у Быкава, ці будзе той друкаваць пры новым рэдактары «Сотнікава», — той пабаяўся здымаць аповесць, якая толькі прайшла цэнзуру. З аналагічнай дылемай сутыкнуўся і Куляшоў: выходзіць у знак пратэсту супраць звальнення сябра з рэдкалегіі часопіса ці не? У выніку так і не наважыўся, баючыся наступстваў. Звольнены галоўны рэдактар, які сам у сталінскія часы вымушана адрокся ад сям'і, тое яму, відаць, не дараваў: іх сяброўства дало трэшчыну.

Падчас пахавання Твардоўскага ў 1971-м Куляшоў увесь час плакаў, магчыма, адчуваючы, сярод іншага, сваю віну, а ў 1973-м напісаў паэму «Варшаўскі шлях». Назва сімвалічная: так называлі старую дарогу, якая ішла праз Мінск з Варшавы на Маскву і якая нібы аб’ядноўвала творцаў (Твардоўскі быў родам з суседняй Смаленшчыны — ураджэнец Магілёўшчыны Куляшоў нездарма называў яго ў сваёй паэме «земляком»).

Але варшаўскі шлях, па словах даследчыка Алеся Макарэвіча, «успрымаўся і як сімвал лёсу чалавека, у тым ліку салдата ваеннага шляху, да якога паэт звяртаецца як да найвышэйшага суддзі». Паэма «была не проста рэквіемам, плачам па сябру, але і споведдзю перад уласным сумленнем, унутраным нясцерпным крыкам яшчэ неспоўненага маральнага абавязку перад самым дарагім чалавекам, які быў яму сябрам і настаўнікам. Гэта здушаны крык нават нейкай сваёй вінаватасці перад ім (невыпадкова ў творы так шчымліва праходзіць скразны матыў віны) — накшталт тых пачуццяў, з якімі паэт прамаўляў свой „Маналог“», — пісаў Мікола Арочка.

Адначасова «Варшаўскі шлях» стаў для Куляшова размовай пра паэзію і сэнс паэзіі.

«Вайна ягоны век укараціла?..

Хвароба?.. Не!

Не падуладна ім

Любоў да працы прагнай, што спаліла

Звышчалавечым высілкам сваім

<…>

Усім такія словы гаварыла

Паэзія, калі вяла ў паход:

„Не вер, што свет шырок, ён думкам цесны.

Хай ісціны старэюць з году ў год,

Хай сэрца разрывае гук жалезны,

А ты за ўсё ў адказе, мой балесны,

За справу, за дзяржаву, за народ.

Далёкае разгледзь арліным вокам,

Лаві на слых ледзь чутны крок бяды:

Мяне абраўшы, мусіш быць прарокам.

Як не прарокам,

кім жа быць тады?“»

Фрагмент паэмы «Варшаўскі шлях»

Аркадзь Куляшоў са сваёй дачкой Валянцінай у дзень яе вяселля. 1956 год. Фота: фотаальбом «Аркадзь Куляшоў» (1985), TUT.BY
Аркадзь Куляшоў са сваёй дачкой Валянцінай у дзень яе вяселля. 1956 год. Фота: фотаальбом «Аркадзь Куляшоў» (1985), TUT.BY

Пісьменнік Янка Брыль расказваў са слоў аўтара паэмы, што да яго ў бальніцу прыходзілі нейкія «высокія наведвальнікі», каб пераканаць, што ў такой «добрай рэчы» згадкі пра Твардоўскага лішнія. Аднак Куляшоў адмовіўся прыбраць імя свайго сябра з паэмы.

5. Папярэдзіў пра небяспеку ядзернага выбуху і зрабіў героем Каліноўскага

Гады росквіту Куляшова прыйшліся на позні перыяд яго жыцця. «Нібы прадчуваючы свой блізкі канец, ён шмат пісаў, выдаў некалькі вельмі неблагіх паэмаў — як нярэдка здараецца ў пісьменьнікаў — напрыканцы стараўся дабраць раней упушчанае», — згадваў Васіль Быкаў. З ім згодны і яго калега Альгерд Бахарэвіч: «Я люблю назіраць у розных аўтараў, як дэманы іхнай маладосці вяртаюцца да іх у сталасці, — і Куляшоў тут не выключэнне».

Аркадзь Куляшоў. Фота: фотаальбом «Аркадзь Куляшоў» (1985), TUT.BY
Аркадзь Куляшоў. Фота: фотаальбом «Аркадзь Куляшоў» (1985), TUT.BY

Сярод позніх твораў гэтага творцы мы згадвалі «Маналог» і «Варшаўскі шлях». Хочацца сказаць яшчэ пра дзве істотныя рэчы.

Героі паэмы «Цунамі» (1968), Ён і Яна, уцякалі ад «шумлівага свету людскога» на самаробнай пірозе за акіян на бязлюдны востраў. Па словах Міколы Арочкі, паэт вырашыў паставіць своеасаблівы эксперымент і прасачыць, як будуць сябе паводзіць героі ў такіх абставінах. Аднак ідылія хутка сканчваецца. «А ветразі дванаццатага веку сустрэчным ветрам век дваццаты рве», — піша Куляшоў. У паэме атамны выбух правакуе акіянскую хвалю-цунамі.

«Ад хваляў не хаваючы імкнення

Хутчэй на сушу трапіць,

трапіў ён

З пірогай адзінокай у раён

Цунамі — у палон землетрасення.

Цунамі — гнеў зямлі. Яго штуршкамі

Падхоплены, як бурай, капітан.

Мацерыку вяртаў іх акіян

На рэактыўным лайнеры цунамі…»

Фрагмент паэмы «Цунамі»

«Праўда, прыход [трагедыі] разумеўся па-ранейшаму з <…> заходняга кірунку, з-за акіяна. Ніхто не ўяўляў, якія катастрофы „мірны атам“ ужо выспельваў пад бокам, у Сібіры, у Чарнобылі. Але паэма Куляшова відушча прадвяшчала рэальную мажлівасць ядзернай трагедыі ўвогуле», — адзначаў Арочка.

Адным з апошніх буйных твораў паэта стала паэма «Хамуціус» (1975) — такім быў адзін з падпольных псеўданімаў Кастуся Каліноўскага. Пра тое, якое значэнне яна мела для Куляшова, лепш за ўсё сведчаць успаміны дачкі.

«Пісаў бацька „запоем“, не шкадуючы сябе, падтрымліваючы неабходны стан і кавай, і курывам. Я была на Нарачы якраз у той час (лета 1974 года), калі ён пачаў працаваць над паэмай „Хамуціус“. Бацька зачыняўся ў сваім пакоі і працаваў па 16 гадзін, выходзячы толькі, каб зварыць сабе кавы», — згадвала яго дачка і прыводзіла тлумачэнне бацькі: «Зразумей, інакш мне „Хамуціуса“ не напісаць. У мяне няма для гэтага ні часу, ні здароўя…» Такое стаўленне да здароўя не праходзіла незаўважна. За 12 гадоў да смерці Аркадзь, па ўласных падліках, перажыў чацвёрты ці пяты інфаркт — бадай, былі і больш познія.

Аркадзь Куляшоў (злева) і Міхась Лынькоў. Нарач. 1973 год. Фота: фотаальбом «Аркадзь Куляшоў» (1985), TUT.BY
Аркадзь Куляшоў (злева) і Міхась Лынькоў. Нарач. 1973 год. Фота: фотаальбом «Аркадзь Куляшоў» (1985), TUT.BY

У «Хамуціусе» Куляшоў паказаў адвечны канфлікт унутры грамадства, які, сярод іншага, паўплываў на паражэнне паўстання.

Мужык і пан.

Пан і мужык.

Не ў слове

Хаваецца іх сутнасць, а ў аснове,

З якой яны, як з плесені грыбы,

Растуць…

Дзе ўладары, там — і рабы.

Фрагмент паэмы «Хамуціус»

Каліноўскі паўстае ў паэме нацыянальным героем, які ўвесь час думае пра лёс Беларусі.

«Уваскрасай, народзе мой сярмяжны,

З маўклівых курганоў і дамавін.

Паўстань для новай бітвы, дух адважны,

Як з каменю агонь, як дым з агню».

Фрагмент паэмы «Хамуціус»


«Амін», — кажа Каліноўскаму на гэта адзін з герояў твора. Час паставіць кропку не толькі ў тэксце пра Куляшова, але і ў нашым праекце «Пазакласнае чытанне», у якім мы расказалі пра 20 творцаў. Чаму менавіта пра іх? Акцэнт рабіўся на класіках ХХ стагоддзя, якія ўжо пакінулі гэты свет. Менавіта таму па-за межамі праекта засталіся творцы ХІХ стагоддзя (напрыклад, Францішак Багушэвіч, без якога беларускай нацыі ўвогуле магло б не быць), а таксама шматлікія сучасныя аўтары, якія, на шчасце, радуюць сваіх чытачоў па сёння.

Наша канцэпцыя прадугледжвала зварот да твораў, найбольш цікавых дарослым, бо дзіцячая літаратура (тут у першую чаргу згадваецца Васіль Вітка) — тэма асобнай гаворкі. Як і гістарычная літаратура — бо ў апошнім выпадку мы абавязкова прысвяцілі б тэксты Леаніду Дайнеку ці Кастусю Тарасаву. Гераіняй «Пазакласнага чытання» магла б стаць Ларыса Геніюш, але — паколькі пра яе ўжо выходзіў тэкст — мы не хацелі паўтарацца. Аднак самае галоўнае, што беларуская літаратура надзвычай багатая таленавітымі творцамі. Колькі тэкстаў ні напішы, заўсёды знойдзецца празаік, драматург ці паэт, якому не надалі належнай увагі. Таму чытайце нашую літаратуру — а мы пра яе абавязкова яшчэ неаднаразова напішам.