Падтрымаць нас
Беларусы на вайне
  1. Butikavto показал видео с владельцем, о задержании которого писала «Наша Ніва»
  2. Ждать ли доллар по 2,5 рубля в конце октября? Прогноз курсов валют
  3. Прятался от Лукашенко в монастыре, погиб из-за ожогов 50% тела. Как сложились судьбы беларусских генпрокуроров
  4. В Беларуси могут пересмотреть минимальный размер алиментов
  5. В Беларуси нашли новых работников за границей. Им обещают до 1200 долларов и жилье
  6. Умерла 30-летняя начмед Старобинской городской больницы
  7. Автовладельцев предупредили, что с ноября будут по-новому проверять, пройден ли техосмотр
  8. «Куфар»: Цены на популярные у беларусов авто выросли более чем на 50%
  9. «Выглядит хуже сентября». Эксперты проанализировали, что происходит на рынке недвижимости, и сделали прогноз
  10. Спустя 27 лет. В Швейцарии вынесли обвинительный приговор по делу об исчезновении беларусского бизнесмена — оппонента Лукашенко
  11. С 1 ноября пересмотрят бюджет прожиточного минимума
  12. «Это вообще как?» Сервисный центр отказался ремонтировать беларуске холодильник «Атлант» по гарантии, сославшись на долги завода
  13. Повышают некоторые пенсии — когда и сколько составит прибавка
  14. Известный беларусский спортсмен ушел работать в такси, потому что «семью нужно обеспечивать»
  15. «Сеньоров тоже». Экс-сотрудница PandaDoc об увольнениях и внезапной волне солидарности
  16. «Дилемма „либо санкции, либо переговоры“ — ложная». Бывшие политзаключенные обратились к руководству ЕС
  17. Предприятия заманивают работников из Таджикистана зарплатами до 1200 долларов. А сколько там предлагают по открытым вакансиям?
  18. «У яе вялізнае пачуццё віны, і гэта яе зжырае». Як сядзіць жанчына, асуджаная разам з мужам за забойства дзіцяці (сужэнца расстралялі)
Читать по-русски


/

Днямі стала вядома, што ў Беларусі расстралялі Аляксандра Таратуту — жыхара Слуцка, якога прызналі вінаватым у забойстве трохгадовага сына Сямёна. Прысуд прывялі ў выкананне яшчэ ў кастрычніку 2024 года, але публічна пра гэта паведамілі толькі цяпер. На лаве падсудных побач з ім апынулася і маці дзіцяці — Анастасія Таратута. Яе асудзілі на 25 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне жанчына адбывае ў ПК-4 у Гомелі. Пра тое, як праходзіць яе зняволенне, «Люстэрку» расказалі былыя палітзняволеныя.

Анастасія і Аляксандр Таратуты падчас суда ў Слуцку, кастрычнік 2023 года. Фота: sb.by.
Анастасія і Аляксандр Таратуты падчас суда ў Слуцку, кастрычнік 2023 года. Фота: sb.by

Прыгавор суда па справе сям'і Таратута

19 кастрычніка 2023 года Мінскі абласны суд прызнаў 37-гадовую Анастасію і 48-гадовага Аляксандра Таратутаў вінаватымі паводле:

  • ч. 2 арт. 154 КК (Наўмыснае прычыненне працяглага болю, пакут спосабамі, якія выклікаюць асаблівыя фізічныя і псіхічныя пакуты, сістэматычнае нанясенне пабояў (катаванне), учыненае ў дачыненні да заведама непаўналетняга, асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане і залежным становішчы);
  • п. 2, 6, 15 ч. 2 арт. 139 КК (Наўмыснае супрацьпраўнае пазбаўленне жыцця іншага чалавека (забойства), заведама малалетняга, асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане, учыненае з асаблівай жорсткасцю, групай асоб).

У прэс-рэлізе Генпракуратура пісала, што Сямён нарадзіўся ў 2019 годзе і літаральна з самага нараджэння яго катавалі. Паводле звестак ведамства, дзіця галадала і было знясіленым. Паведамлялася, што яму абмяжоўвалі свабоду перамяшчэння, звязваючы рукі і ногі, а таксама сістэматычна збівалі.

У матэрыялах справы гаварылася, што ў дзень забойства хлопчыку нанеслі не менш за дзевяць удараў, з якіх каля сямі — па галаве. У матэрыялах справы таксама гаворыцца, што адзін з удараў абвінавачанага бацькі дзіцяці стаў апошнім у жыцці Сямёна.

Падчас суда ў кастрычніку 2023 года Анастасіі было 37 гадоў, цяпер — 40. Праваабаронца Наста Лойка ўпершыню перасякалася з ёй у СІЗА-1, які на той момант знаходзіўся ў Мінску на вуліцы Валадарскага. Гэта адбылося вясной 2023 года, калі Таратуту з Жодзіна транзітам везлі ў РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінкі.

— Насця была з намі літаральна некалькі дзён. Потым яе адвезлі на экспертызу. На адваротным шляху яна зноў папрасілася да нас у камеру, але мяне там, на жаль, ужо не было, — вяртаецца да тых падзей Наста. — Забойства дзіцяці лічыцца адным з самых жудасных злачынстваў, і да людзей, якія гэта зрабілі, за кратамі ёсць пэўнае дыскрымінацыйнае стаўленне. Але, мне падаецца, ад нас з дзяўчатамі яна гэтага не адчула. Па-першае, чалавек толькі затрыманы, і па сутнасці справы яшчэ нічога не зразумела. Па-другое, хто мы такія, каб яе судзіць?

Праваабаронца не хавае, Анастасія яе ўразіла з парогу: высокая, схудалая і змрочная, пад вачыма мяшкі. Жанчыны спалі побач.

— Усю ноч у яе скрыпелі зубы, то-бок адчувалася, што яна ў кепскім маральным стане: трывожная, разгубленая, не разумела, што вакол адбываецца. Я б нават сказала, зацкаваная іншымі, — дзеліцца ўражаннямі Наста. — Калі яна даведалася, што я юрыстка, пачала трошкі раіцца, распавядаць пра сваю справу. Па-чалавечы моцна ёй спачувала.

Паводле слоў праваабаронцы, Таратута расказала, што яна грамадзянка Расіі, але даўно жыве ў Беларусі. У яе пяцёра дзяцей. У рэпартажах з суда распавядалася, што двое старэйшых хлопчыкаў не з’яўляюцца біялагічнымі дзецьмі Аляксандра. Адзін з іх жыў са сваім бацькам. Анастасія распавядала, што ў забітага Сямёна былі асаблівасці разумовага развіцця.

— Казала, што муж пачаў збіваць гэтага дзіцёнка, і яна не магла з ім нічога зрабіць. Па словах Анастасіі, яна падала на мужа заяву ў міліцыю, завялі крымінальную справу і толькі далі штраф, — пераказвае тыя размовы Наста. — Яна зразумела ўсю бездапаможнасць. Ёй было вельмі цяжка, яна была ў поўнай залежнасці ад яго.

У рэпартажах з суда інфармацыі пра заяву Анастасіі на мужа не гучала.

— На судзе лекары, якія прыехалі на выклік у дзень забойства, гаварылі, што трохгадовы хлопчык важыў менш за 10 кілаграмаў. Пракуратура паведамляла, што бацькі звязвалі яго адзеннем і пасцельнай бялізнай, каб абмежаваць яго перамяшчэнне. Ці распавядала яна пра гэта?

— Пра гэтую частку яна, на жаль, не казала, — адказвае Наста.

Суразмоўца пыталася ў Таратуты, чаму тая не сышла ад мужа, калі жыць з ім было настолькі цяжка.

— Тут трэба зрабіць рэмарку. Насця — вельмі простая дзяўчына. Без вышэйшай адукацыі, вялікай сацыяльнай падтрымкі, яе родныя ў іншых гарадах. Фінансава яна залежала ад мужа, — разважае праваабаронца. — Наколькі мне вядома, неяк яна патэлефанавала ў мясцовую сацслужбу, прасіла дапамагчы сысці ад яго і развесціся. Яе пераключылі на псіхолага. Ён сказаў: «У вас шмат дзяцей, вам трэба памірыцца з мужам».

Пазней, згадвае Наста, да яе дайшла інфармацыя, што пасля гісторыі з сям’ёй Таратутаў некаторых слуцкіх чыноўнікаў звольнілі, супраць кагосьці распачалі крымінальную справу. Публічна паведамлялася, што на лаве падсудных апынуліся Аляксандр Дзядок — начальнік ІСН Слуцкага РАУС, і Арцём Галавінскі — следчы Слуцкага РАСК.

— Наколькі мне вядома, Насця ездзіла ў якасці сведкі распавядаць, як з яе боку выглядала праца сацслужбаў, — успамінае праваабаронца.

«Калі б ведала, хто гэта, то ўвогуле не стала б яе карміць»

Былое СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Фота: TUT.BY
Былое СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Фота: TUT.BY

Па словах праваабаронцы, у СІЗА Таратута распавядала, што не дае ніякіх паказанняў.

— Яна казала, што, калі пасля затрымання яе прывезлі ў Слуцкі РАУС, там на яе моцна крычалі, пагражалі і ўдарылі электрадротам, — перадае размовы з Анастасіяй Наста. — Нават не электрашокерам, а аднекуль выдзернулі электрадрот і ўдарылі.

Наста ўспамінае, што ніякіх папер па справе ў Анастасіі з сабой не было. Лойка дапамагла ёй напісаць у консульства Расіі, папрасіць, каб яны яе наведалі. Наколькі вядома экс-палітзняволенай, «за ўсе гады гэтага не адбылося».

На Валадарцы да Насты даходзіла інфармацыя і пра Аляксандра Таратуту. Паводле яе слоў, мужчыну змясцілі ў «прэс-хату», дзе сядзеў зняволены па мянушцы Слон. Апошні, кажа суразмоўца, адбываў пакаранне за два забойствы і працаваў на адміністрацыю.

— Да яго падкідвалі асобных людзей, якіх па просьбе адміністрацыі ён, можна сказаць, катаваў. Чула, як ён гэта робіць, калі апынулася праз дзве камеры, — успамінае яна. — Перад кожнай вячэрай ён прымушаў кагосьці адціскацца, прысядаць. Людзі крычалі, плакалі.

Другая экс-палітзняволеная Марына (імя зменена), якая таксама ў гэты перыяд сядзела на Валадарцы, чула, што мужчыну даводзілася спаць пад нарамі.

Марына ўпершыню даведалася пра Анастасію Таратуту таксама ў СІЗА-1. Жанчына расказвае, што ў ізалятары добра працуе сарафаннае радыё. Навіна пра тое, што сужэнцы на Валадарцы, была на слыху. У пэўны час суразмоўца апынулася ў камеры, дзе раней утрымлівалі Таратуту. Аднойчы падчас размовы суседка Валянціна (імя змененае), якая сядзела па «эканамічным» артыкуле, абмовілася ёй пра гэта. Праўда, падрабязнасці справы даведалася з тэлевізара толькі тады, калі Анастасію ўжо забралі. Валянціна прызнавалася, што была шакаваная.

— Валя з заможнай сям'і. Неяк размова зайшла пра харчаванне. Яна сказала, што дапамагала Анастасіі. Кажа: «Калі б ведала, хто гэта, то ўвогуле не стала б яе карміць», — расказвае Марына. — Пазней у калоніі некаторыя дзяўчаты-«наркаманкі» з яе атрада падчас абеду нават не хацелі сядзець насупраць, глядзець, як яна есць. У той жа час знаёмая, якую таксама затрымалі за «палітыку», распавядала, што неяк да іх у камеру перавялі жанчыну, якая з Насцяй сядзела [ў СІЗА]. Яна Таратуту вельмі шкадавала і многа з ёй размаўляла. У адным памяшканні з імі знаходзілася мацёрая крымінальніца, якая ўвесь час здзеквалася з Насці, забіраючы ежу і перадачы. Тая ж, наколькі памятаю, замест адказу толькі плакала і моўчкі цярпела.

«Па праўдзе, калі туды патрапіла, была ў абсалютным шоку»

Анастасія і Аляксандр Таратута. Фота: "Мінская праўда"
Анастасія і Аляксандр Таратута. Фота: «Мінская праўда»

У лістападзе 2023 года Насту Лойка перавялі ў ПК-4 у Гомелі, дзе яна ізноў сустрэлася з Анастасіяй Таратутай. Першы час жанчыны працавалі на фабрыцы ў адну змену і перыядычна сустракаліся, але мала размаўлялі.

— Калі мы бачыліся ў СІЗА, яна распавядала, што не чытае ніякіх папер і не дае паказанняў. Так яна рабіла яшчэ паўгода. Праз гэты час (нават трошкі раней) яе старэйшаму сыну споўнілася 14 гадоў. Следчыя прыйшлі да яго з вобыскам, дапыталі, а потым сказалі маці, што калі не пачне прызнаваць віну, то зробяць яго саўдзельнікам, — пераказвае размову з Анастасіяй Наста. — Як чалавек, які не ведае юрыдычных працэдур, нічога не разумее, яна, канешне ж, на ўсё пагадзілася і з таго моманту стала ўсё падпісваць, не чытаючы. Яна не прачытала нават свой прысуд і яго выкінула. Таму, калі я пачала ўдакладняць нейкія нюансы справы, яна адказвала: «Не ведаю».

Па словах Насты, жанчына была «ў абсалютным шоку» ад таго, што ёй далі 25 гадоў.

— Для яе гэта было проста непаразуменне, — кажа праваабаронца. — І як бы яна ні ставілася да мужа, як бы ні ненавідзела, яго расстрэл для яе таксама быў поўным ударам, — успамінае Наста. — Яна ўвесь час трохі плача. Яна ў такім паўдэпрэсіўным стане.

Праз некаторы час Насту адправілі ў іншую змену, і доўга жанчыны не бачыліся. У студзені 2026-га за паўтара месяца да вызвалення Лойку перавялі ў 18-ы атрад, дзе сядзела Таратута. Праваабаронца называе яго «самым жудасным» у калоніі.

— Па праўдзе, калі туды патрапіла, была ў абсалютным шоку. Там людзі могуць адна на адну ўвесь час абразліва выказвацца, — успамінае праваабаронца. — Акрамя таксічнасці, тут яшчэ і кепскія ўмовы: там на сто чалавек адно бідэ, а яшчэ незаштораныя прыбіральні, няма пральнай машыны.

Наколькі вядома Лойцы, Таратута знаходзіцца ў гэтым атрадзе некалькі гадоў.

У гэты час экс-палітзняволеная даведалася ад Анастасіі, што Аляксандра, верагодна, расстралялі. Па словах Насты, афіцыйна жанчыне пра гэта ніхто не паведаміў.

— Паколькі астатніх дзяцей у сям'і забралі, і яны (сужэнцы. — Заў. рэд.) абодва сталі абавязанымі асобамі, то сума на ўтрыманне непаўнагадовых дзялілася напалам, — распавядае Наста Лойка. — У 2024-м, недзе да Новага года, Насцю выклікалі ў бухгалтэрыю і прад’явілі новую паперку, што зрабілі перарахунак. Там стаяла іншая сума. І калі ў папярэднім дакуменце было прозвішча яе і мужа, то зараз толькі яе. З гэтага мы зрабілі выснову, што прысуд Аляксандру выканалі.

Па словах Насты Лойкі, Анастасію за кратамі вельмі падтрымліваў бацька, але ў 2023-м ці 2024-м ён памёр.

— Яна ўвесь час перажывала за дзяцей. Вельмі хвалявалася за старэйшага. Ёй было шкада, што ён мала піша, а ў нейкі момант перастаў, і яны кантактавалі толькі праз яе сястру. Ён запытваў, як яна, перадаваў прывітанні. Насця перажывала, што дзяўчынак не забралі да сябе родныя, — дзеліцца назіраннямі праваабаронца. — Калі зразумелі, што, магчыма, мяне хутка вызваляць, яна маліла: «Даведайся, што з маімі дзецьмі».

Па словах Насты, Таратута перажывае, што ў яе няма сувязі з дзецьмі, і хацела б нешта з гэтым зрабіць. Пра забітага Сямёна з Настай яна амаль не размаўляла.

— Насця працавала маляром, у яе ёсць схільнасці да ручной працы, — дзеліцца меркаваннем суразмоўца. — Заўважала ў ёй нейкую азлобленасць, але, мне падаецца, яна з’явілася пасля ўсёй гэтай сітуацыі. У цэлым Насця добразычлівая, ладзіць у атрадзе, напрыклад, з дзяўчынкамі памаладзей, каторыя трошкі разгубленыя бываюць. Апякуецца кімсьці, нягледзячы на свой цяжкі псіхалагічны стан.

Па словах Насты, былі людзі, якія ставіліся да Таратуты негатыўна. Маглі сказаць штосьці абразлівае ці нагадаць, за што тая сядзіць.

— Знаёмая, якая бліжэй з ёй перасякалася, успамінала, што Таратута нармальны чалавек, але забіты. Вельмі стрыманая, — успамінае экс-палітзняволеная Марына. — Па яе назіраннях, Насцю ў секцыі ніхто не задзіраў, як гэта рабілі ў адносінах да «палітычных» і так званых аліментшчыц.

У ПК-4 з Таратутай Марына таксама перасяклася. Па яе ўражаннях, шматдзетнай маці было непрыемна знаходзіцца на фабрыцы, бо «на яе пастаянна сварыліся».

— Увесь час чула, што яна дапускае нейкі брак. Праз гэта брыгада атрымлівала меншы працэнт выкананага, адпаведна, на яе злаваліся, — кажа экс-палітзняволеная. — Памятаю, яна ўвесь час прасіла кагосьці з аператыўных супрацоўнікаў перавесці яе на любую фізічную працу на вуліцы, каб не быць у цэху.

Марына заўважыла на адзенні Анастасіі жоўтую бірку «як схільнай да суіцыду».

— У Жодзіне ў яе была спроба сэлфхарма (самапашкоджання. — Заўв. рэд.), — тлумачыць Наста Лойка. — Першы час ёй настолькі цяжка было вытрымаць напружанне, што яна пачала сябе рэзаць. Калі псіхолагі заўважылі, гэта стала падставай, каб паставіць яе на ўлік.

Наста ўспамінае, што, пакуль яна была ў калоніі, Анастасію наведваў яе брат, які жыве ў Расіі. Па словах суразмоўцы, Таратута хацела б, каб яе перавялі ў РФ, дзе «значна лепшыя ўмовы». Наколькі ведае Лойка, жанчыне прыходзіў адказ з пасольства, што пакуль ёй не могуць дапамагчы з экстрадыцыяй, бо на ёй «вісіць» запазычанасць за дзяцей.

— Насця вельмі перажывае праз тое, што здарылася. У яе вялізнае пачуццё віны, і гэта яе зжырае, — дзеліцца назіраннямі праваабаронца. — Віна ў яе не за тое, што яна біла сына ці недакармлівала. Яна хутчэй вініць сябе за тое, што не сышла, не знайшла абароны ад мужа. За тое, што патрапіла ў такую сітуацыю, у такую залежнасць.