У Быхаве адкрылі скульптурную кампазіцыю «Жанчыне-маці», і замест захаплення помнік выклікаў бурныя абмеркаванні ў сацыяльных сетках. Усё праз крыху перакошаны твар каменнай маці. «Уражвае, што гэта не толькі прапусцілі на пачатковым этапе, але яшчэ і з гонарам, так бы мовіць, усталявалі», — здзіўляюцца беларусы. Паспрабавалі высветліць, што меў на ўвазе аўтар.
Што казаў мастак пра сваю працу і што пісалі беларусы пра скульптуру ў сацсетках?
Аўтар скульптуры — сябра Беларускага саюза мастакоў Аляксандр Мінькоў. У інтэрв'ю быхаўскай раённай газеце ён прызнаўся, што праца над помнікам была карпатлівай:
— Мне прапанавалі прыдумаць кампазіцыю ў Год беларускай жанчыны. І вось распрацаваў эскіз. І як альтэрнатыўны матэрыял — камень. Камень быў прывезены з кар’ера. Гэта пакостаўскі граніт, вельмі такі цвёрды. І, вядома, вельмі працаёмкая праца, цяжкая была. Дзве фігуры з аднаго блока выразаць — гэта нялёгкая задача. Зрабіў такі падарунак для жыхароў горада Быхава.
Упэўнены, што вынік маёй працы будзе радаваць не адну сотню гадоў быхаўчан цяперашняга пакалення.
У сацсетках беларусы падарунку не ацанілі:
- «Чаго гэта жанчынку перакасіла?!»
- «Год жанчыны — у год Каня! Вельмі нават сімвалічна! Цягнеш на гарбе ўсё, як конь, а потым вось так перакосіць!»
- «Мастака пакрыўдзіць можа кожны. А паздзекавацца з усіх — толькі ён».
- «Чакаю год мужчын і новыя „шэдэўры“ мясцовага Пікасо».
- «Яе з пятлі дасталі?»
- «Ціха плакаць».
«Ну атрымалася такая сітуацыя, скажам так, не зусім карэктная…»
Пад выглядам зацікаўленай быхаўчанкі журналістка «Люстэрка» патэлефанавала ў мясцовы райвыканкам. У прыёмным пакоі старшыні нас перанакіравалі да намесніка Аляксандра Саксонава.
— Чытала навіны пра адкрыццё скульптуры ў Быхаве, паглядзела фота — і, калі шчыра, была ў шоку. Вельмі дзіўна выглядае гэты помнік, асабліва твар у гэтай жанчыны нейкі як пасля інсульту. Як можна было такі непрыгожы помнік усталяваць? Гэта нейкі сюрпрыз ад мастака?
— Не, ёсць вялікія заўвагі, і да канца гэтага тыдня яны будуць выпраўленыя. Мы з мастаком перагаварылі. Ну атрымалася такая сітуацыя, скажам так, не зусім карэктная…
— То-бок вы таксама не бачылі да зняцця палатна, як гэта будзе выглядаць?
— Як гэта вам правільна растлумачыць… Ну ёсць недапрацоўкі. Мы да канца тыдня выправім гэта.
— Я падумала, калі шчыра, што, можа, гэта сучаснае мастацтва такое.
— Не, гэта не сучаснае мастацтва. Тут трошкі і фатаграфіі няўдалыя (ракурс, вядома, шмат у чым адыгрывае ролю). Але нюансы ёсць, адназначна ёсць. Мы атрымалі зваротную сувязь, і са скульптарам сёння яшчэ раз выехалі на месца, паказалі на ўсе гэтыя недапрацоўкі, якія не адпавядаюць, таму да канца тыдня ён мусіць выправіць усё.
— Ведаеце, з тых фатаграфій здаецца, што ў жанчыны інсульт.
— Не, ну так, я ж кажу, фатаграфіі няўдалыя. І нібыта гэта ж нашыя фатаграфіі. Не ўсё так дрэнна [у рэальнасці], не ўсё так крытычна…
— А на эскізе таксама так было? Няўжо зацвердзілі такі эскіз?
— Не, не. З эскізам усё добра. Трошкі адбылася замена: там было са звычайнага каменю, тут граніт, таму і па колерах сыграла трошкі не тое. Ну і сама сітуацыя ў тым, што там быў нахіл, паварот галавы, а тут недапрацоўка мастака, што адразу паклаў шчаку на плячо. І атрымліваецца, з гэтага ракурсу яно проста трошкі быццам перакошанае. Таму я ж кажу, што сёння выехалі ўжо экспертныя камісіі. <…> Там месца добрае, і парк, і распрацавалі яго, і зрабілі асвятленне дадатковае, лаўкі яшчэ давязём. Там будуць чатыры фатазоны азелянення зробленыя па сезонах года. Таму парк добраўпарадкавалі, усё добра. А па скульптуры, вядома… Дапрацуем. Усё будзе добра.
Раней у Беларусі ўжо з’яўляліся неадназначныя помнікі ў гонар Года беларускай жанчыны. Так, у канцы красавіка ў Нясвіжы ўсталявалі знак у гонар работніц ЖКГ Мінскай вобласці, якія высадзілі алею дрэваў. У сацсетках цёмную каменную пліту параўналі з надмагіллем. Працу раскрытыкавалі ў тым ліку дэпутатка і былы міністр інфармацыі Лілія Ананіч і прапагандыстка Вольга Бондарава, якая таксама выказалася супраць. У мясцовым райвыканкаме выказалі незадаволенасць рэакцыяй грамадства і заявілі, што гэта не помнік, а проста знак у гонар высадкі алеі.
Пасля хвалі крытыкі твор вырашылі перарабіць: цёмны камень закрылі лістом белай бляхі, захаваўшы ранейшыя малюнак і надпісы. Праўда, на абноўленай таблічцы заўважылі арфаграфічную памылку.







