У Беларусі доля выдаткаў на сацыяльную сферу ў апошнія гады скарачаецца. Пры гэтым улады ўсё больш важкія кавалкі з дзяржказны скіроўваюць на падтрымку эканомікі, сілавыя ведамствы і нацабарону. Такая тэндэнцыя пераклікаецца з неаднаразовымі заявамі Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што беларусы занадта разлічваюць на дапамогу дзяржавы, і яго заклікамі самастойна клапаціцца пра свой дабрабыт.
Доля сацыяльных выдаткаў дзяржбюджэту зніжаецца
Структура бюджэтных выдаткаў у Беларусі паступова змяняецца. Сярод іншага скарачаецца доля выдаткаў на сацыяльную сферу, а таксама адначасова павялічваецца фінансаванне на іншых напрамках.
Так, у 2019-м на сацыяльную сферу планавалася выдаткаваць 44,3% ад усяго дзяржбюджэту, вынікае са звестак пра кансалідаваны бюджэт за той год. Да 2022 года паказчык вырас да 45%, пасля чаго пачаў зніжацца і ў 2026-м складаў усяго 41,9%.
Кансалідаваны бюджэт уключае ў сябе рэспубліканскі і мясцовыя. Ён паўней адлюстроўвае выдаткі казны на розных напрамках.
Зніжэнне долі сацыяльных выдаткаў адбываецца на фоне заяваў Аляксандра Лукашэнкі пра неабходнасць большай самастойнасці грамадзян.
Нагадаем, у апошнія гады палітык некалькі разоў рабіў выказванні з пасылам пра імавернае зніжэнне сацыяльнай падтрымкі дзяржавы. Напрыклад, у сакавіку 2024 года ён агучваў незадаволенасць тым, што беларусы смеюць «патрабаваць ад улады тое, што яна рабіць не мусіць». Тады ж ён прапанаваў мінчукам, якія хочуць хутка вырашыць праблему з добраўпарадкаваннем двароў, скінуцца: 2% выдаткаў на работы кампенсуюць жыхары, астатняе — дзяржава.
Пазней у тым самым годзе ён параіў насельніцтву не спадзявацца занадта моцна на дапамогу дзяржавы, а «старацца сябе забяспечыць самі». А ўжо сёлета ён абвінаваціў беларусаў ва ўтрыманстве, заявіўшы, што ўлады «распесцілі сваіх людзей».
Паралельна з такімі заявамі ўлады паступова зразалі сацпакет, які дзяржава раней гарантавала насельніцтву.
Больш на падтрымку эканомікі і нацабарону
Паралельна расла роля іншых выдаткаў бюджэту. Напрыклад, выдаткі на нацыянальную абарону павялічыліся з 3,4% у 2019 годзе да 5,7% у 2025-м. А ў 2026-м яны планаваліся крыху ніжэйшымі — 4,7%.
Што да сілавых ведамстваў і судоў, то працэнт закладзеных у казне выдаткаў на іх знізіўся ў 2020-м да 6,4%, пасля чаго вярнуўся да росту, дасягнуўшы піку ў 2023-м (7%). Потым адбылося невялікае зніжэнне, але ў 2026-м іх доля зноў дайшла да 7% ад усіх выдаткаў.
Самае прыкметнае павелічэнне аказалася ў раздзеле фінансавання эканомікі: з 12,8% у 2019 годзе да 16,1% у 2026-м.
Істотны скачок долі выдаткаў на падтрымку эканомікі паказвае на ўзмацненне дзяржпадтрымкі асобных прадпрыемстваў і галін, а таксама, імаверна, на рост інвестыцыйнай актыўнасці для стымулявання эканамічнага росту.






